МІ́НСКІ КЛЯ́ШТАР ФРАНЦЫСКА́НЦАЎ.
Існаваў ў 1680—1832 у Мінску. Засн. мінскім падкаморым Т.К.Горскім, які ахвяраваў францысканцам пляц для забудовы. Комплекс кляштара размяшчаўся на вул. Францысканскай (цяпер Леніна), уключаў драўляны крыжападобны ў плане 2-вежавы касцёл св. Антонія, інтэр’ер якога ўпрыгожвалі 4 драўляныя разныя алтары. Мураваны жылы будынак кляштара ўзведзены ў 18 ст. на месцы драўлянага будынка 2-й пал. 17 ст. — 2-павярховы Г-падобны ў плане корпус пад 2-схільным чарапічным дахам. Паўн.-зах. тарцовы фасад завяршаўся трохвугольным франтонам са скульптурамі 2 анёлаў і рэльефнай выявай сонца з прамянямі (у тымпане). Комплекс быў абнесены высокай мураванай агароджай з брамамі. У 1798—99 францысканцы пераведзены ў будынкі Мінскага касцёла і кляштара кармелітаў (як установа М.к.ф. скасаваны ў 1832). Драўляны касцёл св. Антонія перанесены на мінскія Кальварыйскія могілкі (не захаваўся). Пабудовы кляштара на Францысканскай вул. ў пач. 19 ст. перададзены Мінскай каталіцкай семінарыі, якая знаходзілася там да 1843, потым мураваны будынак належаў кансісторыі Мінскай рымска-каталіцкай епархіі. У 2-й пал.19 ст. перабудаваны пад Мінскую гар. ўправу. У Вял. Айч. вайну ён пашкоджаны, у канцы 1940-х г. пры рэканструкцыі вул. Леніна разбураны.
У.М.Дзянісаў.
т. 10, с. 443
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)